Два "залатыя" Дзянісы
Адна з традыцыйных намiнацый конкурснай праграмы Дэльфiйскiх гульняў — "Выяўленчае
мастацтва". Спаборнiцтвы па гэтай намiнацыi праходзiлi адразу ў дзвюх навучальных
установах Мiнска: малодшая група працуе ў гiмназii-каледжы мастацтваў iмя Ахрэмчыка,
а старэйшая — Беларускай дзяржаўнай акадэмii мастацтваў.
Нездарма конкурс сярод малодшых мастакоў iдзе менавiта ў каледжы iмя Ахрэмчыка.
Тут у свой час вучылiся многiя сучасныя беларускiя мастакi. Да таго ж, неаднаразова
ўжо навучэнцы i выхаванцы гэтай установы атрымлiвалi медалi на Дэльфiйскiх гульнях.
Сярод iх i пераможцы дзвюх апошнiх Гульняў — Мiжнародных у Саратаве i краiн СНД
у Астане — Дзянiс Чубукоў i Дзянiс Іваноў.
Дзянiс першы.
Старэйшы i рыжы
Пры першым поглядзе на Дзянiса Чубукова адразу можна пазнаць у iм мастака: можа,
гэта з-за незвычайных рыжых валасоў, па якiх адразу пазнаеш творчую асобу; а можа,
з-за манеры трымацца i гаварыць — адчуваецца, што чалавек гэты размаўляе не вельмi
шмат i часта надоўга застаецца ў сваiх думках.
Дзянiс Чубукоў — выкладчык спецыяльных дысцыплiн каледжа — атрымаў залаты медаль
на Мiжнародных Дэльфiйскiх гульнях, якiя прайшлi ў Саратаве месяц таму.
На мiжнародных гульнях старэйшая ўзроставая катэгорыя канкурсантаў была больш
шырокай, чым на Гульнях, якiя цяпер праходзяць у Мiнску, i ўключала ўдзельнiкаў
ад 18 да 30 гадоў.
— Гэта даволi дзiўна, — кажа Дзянiс. — Вось паглядзiце, калi параўнаць гэтыя
ўзросты, атрымлiваецца, што 18 гадоў — гэта яшчэ студэнт, 25 — чалавек, якi скончыў
вышэйшую навучальную ўстанову, у 30 гадоў — мастак, а ў 35 — гэта ўжо вядомы мастак.
Так сказаць, "вагавыя катэгорыi" зусiм няроўныя.
Тым не менш нягледзячы на такую разбежку ва ўзросце, Дзянiс Чубукоў у свае 28
гадоў заняў першае месца, абышоўшы iншых, больш вопытных мастакоў.
Маляваць ён пачаў яшчэ ў дзяцiнстве. У дзiцячым садку ўпершыню заўважылi, што
хлопчык малюе значна лепш за сваiх аднагодкаў. Калi Дзянiс вучыўся ў 7 класе,
у Чаусах, дзе ён жыў, адкрылася школа мастацтваў, i з гэтага часу ён пачаў займацца
жывапiсам прафесiйна. Настаўнiк з гэтай школы, якi некалi вучыўся ў каледжы iмя
Ахрэмчыка, прапанаваў Дзянiсу паступаць сюды. Ён жа пераканаў i бацькоў маладога
чалавека ў тым, што яму патрэбна развiваць свой талент i вучыцца далей. I пасля
9 класа Дзянiс Чубукоў стаў навучэнцам гэтага каледжа.
Пасля былi яшчэ шэсць гадоў навучання ў Акадэмii мастацтваў i год працы ў дзiцячым
доме ў Чаусах.
— Гэта таксама знакавы этап у жыццi, — расказвае Дзянiс. — У Чаусах я працаваў
у першым у Беларусi дзiцячым доме, ён быў заснаваны яшчэ пасля вайны i iснуе да
гэтага часу.
Дзве дзяўчынкi з гэтага дзiцячага дома, з якiмi працаваў Дзянiс, цяпер таксама
вучацца ў каледжы iмя Ахрэмчыка.
Дарэчы, у Саратаве на медаль амаль не спадзявалiся, шанцы на перамогу былi не
вельмi вялiкiя. "А атрымалася вось так", — кажа Дзянiс.
На конкурсе ацэньвалiся тры работы: дзве — аўтапартрэт i нацюрморт — патрэбна
было прывезцi з дому, апошнюю напiсаць непасрэдна на спаборнiцтвах за тры днi.
Конкурсная работа Дзянiса Чубукова мае назву "Апошнi вечар бабiнага лета". Выканана
яна ў нацыянальным дэкаратыўным стылi, зроблена вельмi цiкава i арыгiнальна. Iншыя
працы маладога выкладчыка таксама адрознiваюцца арыгiнальнасцю. Напрыклад, конкурсны
аўтапартрэт, дзе мастак паказаў сябе ў выглядзе чалавека-птушкi з параненым крылом.
— Даволi складана ацанiць работы, таму я не зайздрошчу журы, — кажа ён. — Удзельнiкi
конкурсу прыязджаюць з розных краiн, кожны са сваiм патэнцыялам i светаўспрыманнем.
Кожны працуе па-свойму: нехта ў дэкаратыўным стылi, а нехта ў рэалiстычным. I
як з усяго гэтага, з гэтай вялiкай колькасцi зусiм розных карцiн выбраць тры самыя
лепшыя? Мне здаецца, гэта вельмi складана.
Дарэчы, у гэтых Дэльфiйскiх гульнях прымалi ўдзел адразу чатыры выхаванцы Дзянiса
Чубукова.
Дзянiс другi.
Малодшы i амбiцыйны
Дзянiс Iваноў вучыцца ў 9 класе. Два гады таму на IV Дэльфiйскiх гульнях сярод
краiн СНД у Астане ён атрымаў залаты медаль, тады хлопчыку было 13 гадоў.
— Мяне адправiлi на Гульнi па вынiках мастацкiх праглядаў i ўдзелу ў розных конкурсах,
— расказвае Дзянiс. У хлопчыка вельмi шмат узнагарод: i рэгiянальных, i нацыянальных,
i мiжнародных. Ён удзельнiчае амаль ва ўсiх конкурсах выяўленчага мастацтва, пра
якiя даведваецца, i амаль усюды становiцца пераможцам або дыпламантам. Дыпломаў,
сертыфiкатаў i пасведчанняў у Дзянiса назбiралася ўжо цэлая калекцыя, ёсць у яго
нават пiсьмо ад главы ААН.
— У Астане нам давалася два днi па 6 гадзiн, — расказвае Дзянiс. — Я намаляваў
тры работы за гэты час, — i дадае, смеючыся, — трэба было адну, а я намаляваў
тры.
Пра сталiцу Казахстана ў хлопчыка засталiся самыя добрыя ўспамiны, ён шмат расказвае
пра мячэцi i пра Астану, пра экскурсii ў музеi, у тым лiку ў музей Нурсултана
Назарбаева.
Але найбольш ён расказвае пра конкурс i пра сваю перамогу, якой вельмi ганарыцца.
— Такi конкурс! — усклiкае ён. — Дэльфiйскiя гульнi лiчацца зусiм як Алiмпiйскiя
ў спорце. Таму першае месца, вядома ж, гэта вельмi прэстыжна!
Маляваць Дзянiс таксама пачаў яшчэ з ранняга дзяцiнства. Пасля таго, як бацькi
заўважылi талент сына, яны вырашылi аддаць яго ў студыю выяўленчага мастацтва.
Але на той час хлопчыку яшчэ не споўнiлася 10 гадоў, i дырэктар сказала яму проста
пахадзiць у студыю i пазаймацца, без запiсу. Але калi Дзянiс пачаў займацца, аказалася,
што яго адразу ж трэба пераводзiць на два класы наперад. Рабiць персанальную праграму
для аднаго чалавека дырэктар адмовiлася, але прапанавала хлопчыку паступаць у
каледж iмя Ахрэмчыка i дапамагла падрыхтавацца да ўступных экзаменаў.
Дзянiс паступiў у каледж у чацвёртым класе i зусiм не шкадуе.
— Я вельмi хачу вучыцца, мне гэта падабаецца.
Дзянiс — настойлiвы i амбiцыйны, ён да ўсiх хоча данесцi свой талент, вылучыцца
i паказаць сябе. Яго працы ёсць у музейных i асабiстых калекцыях у Галандыi, ЗША,
Беларусi, Польшчы i Расii. У хлопчыка ўжо была персанальная выстава, на пачатак
лiстапада ён запланаваў яшчэ адну. Усiмi арганiзацыйнымi пытаннямi Дзянiс займаецца
сам: шукае месца для правядзення выставы i рамкi для сваiх карцiн, заводзiць новыя
знаёмствы i прапануе свае праекты.
Праз некалькi хвiлiн размовы з Дзянiсам разумееш, што ён нi перад чым не спынiцца
для дасягнення сваёй мэты. Без сумнення, хлопчыка чакае вялiкае будучае.
Настасся Лапцiк.
24 кастрычнiка 2008 года
Газета "Звязда” № 42 (15546)